Пабудова ўласнай плацежнай сістэмы ў абыход долара, барацьба з санкцыямі, стварэнне адзінай збожжавай біржы і ўзаемныя інвестыцыі — такія напрамкі супрацоўніцтва пазначаюць краіны БРІКС (група з дзесяці краін: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Егіпет, Эфіопія, Іран, Саудаўская Аравія і ААЭ). Краіны падпісалі дэкларацыю падчас саміту ў Казані ў Татарстане.
Група БРІКС таксама заклікае да спынення агню ў Газе, краіны-сябры нагадалі пра ініцыятывы перамоваў у расійска-ўкраінскай вайне і выказалі жаданне спыніць іншыя канфлікты на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.
Падчас саміту адбылася першая за пяць гадоў сустрэча лідара КНР Сі Цзіньпіна і прэм’ер-міністра Індыі Нарэндра Модзі. Яны пагадзіліся з неабходнасцю захавання міру на межах, сумеснага патрулявання і нармалізацыі адносін. Уладзімір Пуцін заявіў аб заключэнні пагаднення аб шырокім супрацоўніцтве з Іранам, прэзідэнт якога прымаў удзел у саміце ў Казані. На месцы быў прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура.
Прэзідэнт Бразіліі дыстанцыйна ўдзельнічаў у сустрэчы краін БРІКС, а прэзідэнт Кубы адмяніў свой удзел з-за энергетычнага крызісу ў краіне і ўрагану «Оскар». Усяго ў сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі трыццаці шасці краін.
Прэзідэнт Сербіі не прыехаў, спаслаўшыся на прыезд гасцей з Еўрасаюза ў Бялград: прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, прэм’ер-міністра Грэцыі, прэм’ер-міністра Венгрыі, прэм’ер-міністра Славакіі і старшыні Еўракамісіі.
IAR/яс